Стаўка на ганчарства Пакуль тэатралы захапляліся гульнёй акцёраў, на другой пляцоўцы Краснаполля адводзілі душу майстры народных промыслаў. У раёне адбылося першае рэгіянальнае свята «Рамесная майстэрня» і адкрылася ганчарная майстэрня. — Гэта вынік ініцыятывы «Ганчарства для пазнавальнасці Краснапольскага раёна», якая таксама рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у рамках праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» і фінансуецца ЕС, — паведаміла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Раманенка. — На працягу 6 месяцаў мы займаліся стварэннем умоў для адраджэння ганчарнага майстэрства, якое, на жаль, было страчана. У нас ёсць добрыя залежы гліны, прыгоднай для ганчарства. Ёсць жаданне вярнуць страчанае. Набылі тры ганчарныя кругі для рамеснікаў. Аднавілі былы будынак установы культуры, які рыхтаваўся пад знос. Тут будуць працаваць майстры народных промыслаў, займацца дзеці, людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Будзем развіваць самазанятасць насельніцтва ў супрацоўніцтве з упраўленнем сацыяльнай абароны, прапаноўваць людзям, якія прыходзяць у пошуках працы, паспрабаваць сябе ў ганчарнай справе. На грошы Еўрапейскага саюза закуплены дзве печкі. Адна зроблена з шамотавай цэглы, якую прывезлі аж з Тулы. У яе камеру ўмяшчаецца адначасова вырабаў на 100 літраў. Абпальванне доўжыцца некалькі сутак. Тэмпература ўнутры печкі даходзіць да 1000 градусаў. Другая печка — муфельная на 140 літраў, з запраграмаваным кантролерам. — Гэта вынік работы па праекце. Пачатак зроблены, далей будзем даказваць устойлівасць, — запэўніла Алена Раманенка. Другая печка — муфельная на 140 літраў, з запраграмаваным кантролерам. На свята прыехаў вядомы крычаўскі ганчар Вячаслаў Якавенка. Ён адрадзіў на Беларусі Падняпроўскую гліняную цацку, за што атрымаў расійскі ордэн і яго прозвішча было занесена ў міжнародную энцыклапедыю. У Краснаполлі ён даў майстар-клас і не хаваў свайго захаплення: «Вельмі цікавы праект, паглядзім, можа, нам нешта падобнае зрабіць». Рэгіянальны каардынатар праекта па Магілёўскай вобласці Алена Пахоменка адзначыла: — Свята «Рамесная майстэрня» накіравана на адраджэнне ганчарства ў Краснапольскім раёне. Уражанні самыя добрыя, цёплыя. Заўсёды прыемна, калі людзі спрабуюць нешта рабіць сваімі рукамі і застаюцца на сваёй тэрыторыі, каб прыносіць карысць, жыць, працаваць і зарабляць, выкарыстоўваючы мясцовыя рэсурсы. Краснаполле багатае на цэглу і ўмельцаў. Я спадзяюся, што гэта будзе развівацца. «Тэатральныя вечарыны» таксама не расчаравалі. Адчуваецца, наколькі творчыя людзі тут жывуць. Гэта справа, не сумняваюся, таксама будзе працягвацца. Нэлі ЗІГУЛЯ zigulya@zviazda.by http://www.zviazda.by/be/news/20171130/1511992097-teatralnyya-vecharyny-u-novym-farmace